1,5 гады таму я пачаў рабіць свой відэаблог.
Адпачатку вызначыў тэматыку: палітычная аналітыка ў рэвалюцыйным накірунку. Падрыўная адукацыя і радыкальныя веды. А яшчэ – беларускамоўнасць. Чаму беларускамоўнасць? Таму што на Ютубе надзвычай мала палітычнага кантэнту на беларускай мове (калі не браць буйныя СМІ). Можна сказаць, што акрамя асобных відэа Рудабельскай Паказухі, яго і не было увогуле. Прыйшлося прабіваць гэтую сцяну адным з першых.
Першым відосам стаў аналіз антыэкстрэмісцкага заканадаўства і дыскурса, зняты ажно ў студзені 2018. Зараз ён падаецца даволі каравым: абы-які гук, дзіўны ракурс, а я ўвесь час “кідаю касяка” на паперку са сцэнарам. Аднак час ішоў, досвед набіраўся, падпісчыкі дадаваліся. Добрыя сябры і паплечнікі дапамагалі з мантажом, вучылі і падказвалі, дапамагалі з тэхнікай на першых этапах.
Вы не ўяўляеце, колькі часу займае рабіць якасны відэа-кантэнт. Каб зрабіць якасны ролік, патрэбна быць троху сцэнарыстам, троху гукарэжысёрам, троху аператарам, троху мантажорам, троху вядучым, троху акторам. А каб распаўсюдзіць яго – яшчэ і нетроху СММшчыкам. Неяк падлічваў і атрымоўвалася што на якаснае 20-30 хвіліннае адукацыйнае відэа сыходзіць у сярэднім не меней за 10 гадзін працы.
Зараз вы разумееце, чаму для мяне так важная гэтая лічба на лічыльніку. На Ютубе падпісчыкі набіраюцца цяжэй, чым дзе б то не было. Асабліва калі ты прыхільнік анархізму, радыкал, ды яшчэ піліш кантэнт на беларускай мове. Насуперак трэндам, неспрыяльным пошукавым алгарытмам і варожым сілам, я ўзяў гэтую вершяню. Але не стаім на месцы, рухаемся далей – з вашай дапамогай і падтрымкай. Толькі наперад!